Sziget — адна з найярчэйшых падзеяў году ў world-музыцы

Большая частка хэдлайнераў фестывалю Sziget 2010 ўжо вядомая, аднак пастаянныя наведвальнікі фестывалю ведаюць, што гэта далёка не самае цікавае, што іх чакае ў гэтым жніўні. Значную частку наведвальнікаў складаюць прыхільнікі world-музыкі, бо на World Music Stage яны заўсёды могуць убачыць вялікую колькасць музыкаў з усяго свету.

Як і мінулым летам, адным з самых запамінальных момантаў павінен стаць выступ Orquesta Buena Vista Social Club® пры ўдзеле Omara Portuondo, легендарнай кубінскай спявачкі. Яшчэ адны мінулагоднія ўдзельнікі, брытанцы Oi Va Voi, плануюць паўтарыць леташні поспех, зноў зачараваўшы слухачоў казачным мелодыямі.

Tony Allen — гэтае імя павінна быць вядома ўсім прыхільнікам афрабіта — чалавек, які стаяў ля самых вытокаў гэтага музычнага напрамку. Былы бубнач даволі вядомага Fela Kuti парадуе нас кактэйлем з фанку, джазу і нігерыйскіх рытмаў. Таксама фестываль наведаюць госці з Мексікі — Los de Abajo, гурт, які грае лацінскае ска з элементамі рэгі, сальсы, панка і хіп-хопа ўжо каля 20 гадоў. Спалучэнне традыцыйных мелодый з сучаснымі напрамкамі з'яўляецца адметнай асаблівасцю гуртоў, што выступаюць на World Music Stage. Так, напрыклад Jaune Toujours змешвае шансон, рок і балканскія мелодыі, а гурт з Барселоны 08001 выкарыстоўвае ў кампазіцыях традыцыйныя інструменты з поўначы Афрыкі і лэптопы. І, вядома ж, не абыдзецца без усходнееўрапейскай музыкі: эмігранцкі рагамафін ад Rotfront, два гурты з румынскай глыбінкі Parno Graszt і Mahala Rai Banda, гурт з Чэхіі пад назвай Cankisou.

Таксама будзе шмат і іншай цікавай музыкі. На сённяшні дзень вядома, што на фестывалі Sziget 2010 сыграюць Shantel & Bucovina Club Orkestar, Rupa and the April Fishes, Amparo Sanchez, Jaune Toujours, Dirtmusic, Daniel Kahn, Sondorgo. Такім чынам, фестываль абяцае зноў стаць адной з найярчэйшых падзеяў у вобласці world-музыкі.

Нагадаем, што асноўная праграма Sziget прадоўжыцца з 11 па 16 жніўня на востраве Обуда ў цэнтры Будапешту. Галоўнымі хэдлайнерамі гэтага году значацца Muse, Iron Maiden, Kasabian, 30 Seconds to Mars, Ska-P, Papa Roach, Ill Nino, Nina Hagen, The Hives, Bad Religion, Infected Mushroom, Gorillaz Sound System і многія іншыя.

Інфармацыю пра аўтобусны тур на фэстываль з Мінска лёгка знайсці на старонцы “Музыкальные Путешествия”.

No votes yet